Жанна Віктараўна Кароткая пераехала ў Марцюхова з Талачына, паводле яе падлікаў, гадоў сем таму. Выйшла сюды замуж і памяняла хлебазавод, дзе рабіла ўпакоўшчыкам-укладчыкам, на мясцовае сельгаспрадпрыемства. Уладкавалася аператарам па дарошчванні маладняку і застаецца вернаю гэтай справе да сённяшняга дня.
— Яшчэ былі ў мяне курсы асемянатараў, але з цягам часу пераканалася, што гэта не тая праца, якою я хацела б займацца, — расказвае Жанна Віктараўна пра сваю працоўную біяграфію. — На цяперашнім сваім месцы і ў складзе цяперашняга нашага калектыву адчуваю сябе найбольш камфортна.
Задавальненне ад калісьці паспяхова асвоенай і цяпер ужо звыклай, любімай працы дапаўняецца высокімі вытворчымі паказчыкамі. На мінулым тыдні старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Мікалаеўна Пільшчыкава завітала на ферму, каб уручыць Жанне Віктараўне Ганаровую грамату і каштоўны падарунак па выніках раённых спаборніцтваў сярод аператараў на дарошчванні за мінулы год. На аснове аналізу сярэднясутачных і гадавой валавой прываг Жанне Віктараўне, як растлумачыла прафсаюзны лідар, прысуджана другое месца.
— Дасягненняў такога маштабу на нашай ферме, наколькі я памятаю, яшчэ ніколі не было, — паведаміла загадчыца жывёлагадоўчага аб'екта Вольга Вілор'еўна Боган.
Сама галоўная гераіня прыемнай падзеі не прыпісвае ўсе заслугі сабе і спяшаецца падзяліць лаўры з калегамі:
— Перш за ўсё хачу падзякаваць людзям, якія працавалі на ферме да мяне. Яны мяне вучылі, падтрымлівалі, ну, а цяпер вось яны на пенсіі, а я, развіваючы перанятыя ад іх уменні, узбагачаючы вопыт, дабілася такога выніку. Наш цяперашні калектыў таксама дружны, і гэтая акалічнасць адыгрывае вялікую ролю ў працоўным жыцці кожнага з нас.
Нагрузка на аднаго аператара бывае розная ў залежнасці ад колькасці ацёлаў.
— Норма 60 галоў, але набіраем столькі, колькі патрэбна, бывае і за сотню, — тлумачыць Жанна Віктараўна.
Асіліць такія аб'ёмы работ няпроста, але рэальна, таму што займаюцца гэтай справаю захопленыя людзі.
— Калі будзем забяспечаныя кармамі і ўсім астатнім, што патрабуецца ў нашай працы, то будзем старацца паказаць яшчэ вышэйшыя вынікі, — у гэтых прамоўленых на развітанне словах загадчыцы фермы яскрава адлюстраваліся бадзёры настрой усяго калектыву, імкненне да плённай працы і нацэленасць на новыя дасягненні.
Сяргей АБРАМОВІЧ.
Все новости Другие статьи рубрики