Наталля Будкевіч паказвае сваім вучням, што беларуская мова жыве не толькі на школьных уроках
На мінулым тыдні ва ўстановах адукацыі прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы (21 лютага). У сувязі з набліжэннем адметнай даты навучэнцы Талачынскай СШ №1 імя Ф. Я. Макавецкага атрымалі заданне сфатаграфаваць любыя тавары ва ўпакоўцы з надпісамі на беларускай мове і адзначыць яе асаблівасці, адлюстраваныя ў гэтых надпісах (унікальныя літары, адметныя фанетычныя з'явы і інш.). Па выніках гэтай даследчыцкай і творчай працы ў фае школы створана фотавыстава.

Аўтар ідэі, выкладчык беларускай мовы і літаратуры Наталля Будкевіч, адказала на нашы пытанні пра сваю педагагічную дзейнасць і пра тое, якім ёй бачыцца далейшы лёс мовы.

— Наталля Мікалаеўна, раскажыце, як узнікла задумка правесці лінгвістычнае даследаванне ў кантэксце спажывецкага рынку.

— Яе паклікалі да жыцця некалькіх фактараў. Зараз у краіне праходзіць ініцыіраваная Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю акцыя па прапагандзе айчынных тавараў «Кожная пятніца — роднае, сваё». Часам мяне ўражваюць якія-небудзь крэатыўныя ролікі на гэтую і блізкія да яе тэмы ў «Тыктоку». Неяк звярнула ўвагу на беларускамоўнае афармленне ўпакоўкі кандытарскіх вырабаў, якія падавалі ў самалёце кампаніі «Белавія». Пад уплывам гэтых і іншых падзей, назіранняў, роздумаў выкрышталізавалася такая ідэя. Хацелася даць дзецям нейкае асаблівае, творчае заданне, не звязанае са звыклым чытаннем падручнікаў і пісаннем у сшытках.

— Якія яшчэ формы работы практыкуеце, каб заахвоціць вучняў да паглыблення ведаў па мове?

— Прапаноўваю ўдзельнічаць у анлайн-конкурсах. Яны, праўда, платныя, але ёсць зацікаўленыя бацькі, якія ахвотна даюць дзецям грошы на такія мерапрыемствы. Па магчымасці аргані-зоўваем экскурсіі ў знакавыя для айчыннай літаратуры мясціны (музей Уладзіміра Караткевіча ў Оршы, філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Ляўках і інш.). Я класны кіраўнік у адзінаццатым класе, але ў паездках прымаюць удзел і іншыя вучні.

— Беларуская мова для вас — толькі праца, ці яна займае пэўнае месца ў асабістым жыцці?

— Вядома ж, працаю не абмяжоўваюся. Напрыклад, калі мая дачка была зусім маленькаю, то калыханкі, дзіцячыя вершы, загадкі і ўсялякія іншыя літаратурныя і фальклорныя творы яна чула ад мяне ў тым ліку і па-беларуску. Сёння вучыцца ў дзясятым класе, двойчы даходзіла да абласнога ўзроўню на алімпі-ядзе па роднай мове і літаратуры. Дома маю беларускія кнігі (сярод маіх любімых пісьменнікаў — Васіль Быкаў і Уладзімір Караткевіч). І нават калі размаўляю, як мне здаецца, на чыстай рускай мове, у гэты момант беларуская ўсё роўна са мною — неяк была ў Маскве, і там суразмоўцы здагадваліся, адкуль я, казалі: «Вы, напэўна, з Беларусі».

— У апошнія гады мне здавалася, што беларуская мова канчаткова і незваротна знікае. Але днямі ўсталяваў сабе дзеля цікаўнасці дадатак «Тыкток» і, не рэгіструючыся ў ім, стаў праглядаць усё, што мне пад-кідвалі алгарытмы гэтага сэрвісу. Здзівіўся, убачыўшы некалькі каналаў, прысвечаных беларускай мове. Іх аўтары — моладзь. Гавораць і пішуць далекавата ад акадэмічнага эталона, але галоўнае — сам факт іх цікаўнасці да гэтай тэмы. Якім бачыцца вам далейшы лёс мовы ў грамадстве?

— Я таксама заўважаю цікаўнасць да яе сярод юных пакаленняў. Беларуская мова ў штодзённым жыцці амаль нікім не выкарыстоўваецца і ў адпаведнасці з класіфікацыяй ЮНЕСКА адносіцца да моў, якім пагражае знікненне, але ў той жа час шмат якія хлопцы і дзяўчаты ад яе не адракаюцца, я бачу ў іх іскрынку цікаўнасці і любові да слова сваіх продкаў. У мяне таксама была вучаніца, якая вяла канал у «Тыктоку» на беларускай мове і мела шмат падпісчыкаў, яе было цікава і прыемна слухаць. Хто ведае, можа, гэта проста даніна модзе, але, з іншага боку, няхай сабе і так, мода таксама з'яўляецца рухавіком нейкіх тэндэнцый, уплывае на жыццё грамадства. Таму спадзяюся, што наша мова будзе жыць, і раблю дзеля гэтага ўсё, што магу як настаўнік.

— Дзякуй вам за гутарку і за справу, якую робіце.

Гутарыў Сяргей АБРАМОВІЧ.